Неабыякавыя

Марына Міхайлава

Вольга Вялічка: «Вось яна, цана і вынік шматгадовай працы ўладаў з тэмай пажылых людзей»

Сацыяльныя пансіянаты – так цяпер называюцца ў Беларусі дамы-інтэрнаты для састарэлых, інвалідаў і псіханеўралагічныя ўстановы. Але за фасадам усё тыя ж тыя амаль нявырашаныя задачы, з якімі беларусы сутыкаюцца шмат гадоў. «Салідарнасць» працягвае цыкл, у якім распавядае, як вярхі (не) вырашаюць праблему догляду састарэлых. І ці ёсць выйсце?

Пачатак тут і тут.

Нагадаем, у 2023 годзе Лукашэнка падпісаў закон аб сацыяльным абслугоўванні, які ўскладніў пажылым беларусам доступ у дзяржаўныя пансіянаты. Трапіць на сталае пражыванне туды чалавек можа, толькі калі стан здароўя не дазваляе яму заставацца дома.

Зроблена гэта было нібыта з клопату, каб пажылыя даўжэй — і лепш — жылі ў родных сценах, атрымліваючы сацыяльныя і медыцынскія паслугі ўдома. Але па факце — дзяржава проста зняла з сябе частку абавязкаў, пераклаўшы іх на плечы іншых людзей.

Пры тым гадзіна працы сацыяльнага работніка каштуе ў сярэднім 80 капеек (удумайцеся!). А праца родных па доглядзе і клопаце падаецца як бескаштоўны абавязак — і ўсё па законе.

«Салідарнасць» ужо распавядала, якая сёння карціна з дапаможнымі ўстановамі ў нашай краіне. Калі сцісла — іх не хапае, якасць паслуг выклікае сумневы, прыватных устаноў недастаткова, гэта дорага, і ёсць маральны аспект.

Відавочна, што дзейсная сістэма не спраўляецца з тым, каб забяспечыць беларусам насамрэч годную старасць. Аднак ці можна яе палепшыць, зрабіць больш эфектыўнай і разам з тым чалавечнай?

«У гэтай сферы хранічны, татальны дэфіцыт»

— Пажылыя людзі — адна з самых уразлівых груп у грамадстве. І адзін з самых выразных індыкатараў, як працуе сацыяльная палітыка дзяржавы, — зазначае «Салідарнасці» псіхолаг і былая дырэктарка Гродзенскага дзіцячага хоспісу, прадстаўніца ініцыятывы «Лекары за праўду і справядлівасць» Вольга Вялічка. — У нас дэкларуецца клопат і падтрымка, а насамрэч у гэтай сферы — хранічны, татальны дэфіцыт.

Я маю на ўвазе і колькасць дапаможных устаноў, і ўласна іхняе забеспячэнне. Дзяржава не думала стратэгічна пра сацыяльную абарону, не ўкладалася і не ўкладваецца ў сферу. Да таго ж падсеклі прыватны сектар (згадаем ліцэнзаванне, праз якое зачынялі прыватныя пансіянаты).

Наступствы — нагрузка на сем’і, у тым ліку псіхалагічная. Бо ў нас, праўда, не прынята «здаваць» пажылых сваякоў, прынята цягнуць самім.

У маёй практыцы ёсць сям’я з Беларусі, яны праходзяць сямейную тэрапію. Больш 20 год шлюбу, трое дзяцей. І тут здарыўся вялікі канфлікт: у мужа моцна захварэла маці, у яе псіхічны разлад, дэменцыя. Ён не можа знайсці нікога, хто б даглядаў — і перайшоў жыць да яе, каб глядзець самому.

Так доўжыцца ўжо 1,5 гады. І ён, і жонка і дзеці — усе ў нейкім шаленстве і проста чакаюць, калі гэтая бабуля памрэ. Мужчына — высокі, мажны, нестары яшчэ — рыдаў і прызнаваўся: «Гатовы задушыць яе сваімі рукамі… Больш не магу — чакаю, калі яе пахаваю».

Вось яна, цана і вынік шматгадовай працы ўладаў з тэмай пажылых людзей. І як гэта адбіваецца на сем’ях. Гэта — прамое перакладванне адказнасці на сем’і: раней, маўляў, даглядалі, хіба цяпер не можаце? І так гучыць з высокіх трыбун.

Тое самае праяўлена датычна людзей з інваліднасцю, датычна дзяцей. Але ж тыя састарэлыя — людзі, якія ўсё сваё жыццё аддалі дзяржаве. І яна мусіць, абавязаная паклапаціцца пра іх! Больш нават, чым пра дзяцей.

Ёсць тут і псіхалагічны момант. Калі маладыя сем’і глядзяць, як дзяржава апякуецца пажылымі  — у іх фарміруецца давер: ага, то калі я стану старым, мяне дагледзяць. Будуць нармальныя хоспісы, а не шпіталі з суперзаніжанымі стандартамі, будуць пансіянаты. Не важна, як гэта называецца — важна, каб была нармальная сетка дапаможных устаноў, стацыянарных і амбулаторных. І на маю думку, дзяржава мусіць аддаваць гэта на аўтсорс НДА.

— У Беларусі гэтага не відаць. Згадаем нядаўні скандал з ліквідацыяй дабрачыннага фонду «КіндэрВіта», ці рэйды па прыватных пансіянатах.

—  Менавіта. Дзяржава і сама не можа, і людзям не дае. Чаму не дае — зразумела: страшна «адпусціць лейцы», бо апроч кантролю, па-іншаму яны кіраваць не ўмеюць. А вось чаму не можа?

Старэнне насельніцтва — выклік для многіх краін. Але нармальнае міністэрства будзе думаць, якім чынам павялічваць аб’ём паслуг для сталых людзей.

Стандартны падыход — універсітэты залатога веку. Пры ТЦСАН (тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва — С.) яны ёсць, калі шчыра. Калі пенсіянеры могуць дайсці да цэнтра сацыяльнага абслугоўвання, то пад дзяржсцягамі для іх працуюць розныя гурткі, аб’яднанні па інтарэсах, танцы, ёга. Але гэта і ўсё.

Для тых, хто дайсці не можа — недахват інфраструктуры. 80 устаноў на ўсю краіну, месцаў мала. І супернізкая якасць аказання паслуг у гэтых установах.

Не дзіва, што людзям падаецца: я лепш прыгатую кашу на сваёй кухні, ды пакармлю маму альбо тату, перасцялю ложак, памыю пажылога сваяка, і зраблю гэта лепей, чым сядзелка. Але ж не.

Догляд — гэта асаблівая навука, яму трэба вучыцца. А ў нас нават сацыяльных работнікаў гэтаму не вучаць, хіба ў краму схадзіць ды камуналку аплаціць.

І стаўленне да сацработнікаў — як да абслугі. Насамрэч у развітых краінах гэта людзі паважаныя. Бо яны валодаюць такімі навыкамі, досведам, якім не мусяць валодаць родныя. У Беларусі ж, паколькі «пасеклі» ўсе НДА, усе грамадзянскія дапаможныя ініцыятывы, цяпер спрабуюць закрыць колькасцю, тут не да якасці паслуг.

Выйсце ёсць. Чаму беларускія ўлады ім не карыстаюцца

— І што маем: састарэлыя людзі не атрымліваюць паслуг належнай якасці, родныя выбіваюцца з сіл, прыносяць менш карысці, нават эканамічнай.

— Яшчэ бачаць уласныя перспектывы. І перажываюць пачуццё віны, эмацыйнае выгаранне. Вярнуся да прыкладу з сям’ёй, дзе хворая свякроўка. Калі мужчына сядзіць начамі з пажылой мамай, які ён на працы — хіба эфектыўны? Які ён з жонкай? А дзецям што дастаецца?

То-бок, гэтая праблема значна шырэйшая, чым падаецца. Яна закранае не толькі людзей сталага веку, а некалькі пакаленняў.

— Ці можна гэтую праблему вырашыць пры дзеючых уладах? Людзі з вярхушкі і самі старэюць, між іншым.

— Яны-то будуць забяспечаныя. Але цывілізавана вырашыць праблему пры іх — не, немагчыма. Бо гаворка пра вельмі складаны сацыяльны працэс, які нельга закрыць проста будаўніцтвам новых сацаб’ектаў.

Думаю, адбудзецца рост ценявога сектару. Людзі будуць шукаць сядзелак, плаціць па-за касай — уласна, так адбываецца і цяпер. Якасць паслуг пры гэтым не палепшыцца. Пажылыя людзі, якія патрабюць клопату, аказваюцца ізаляванымі. І ў выніку, калі казаць чыноўнічай мовай (мо, так да іх дойдзе?) — працягнецца ўмацаванне сацыяльнай няроўнасці. Гэта, без перабольшання, катастрофа.

Нагрузка на сем’і будзе павялічвацца. Дэфіцыт сацыяльнай падтрымкі — расці. Доступ да якасных паслуг стане прывілеямі, ад чаго раскол у грамадстве толькі павялічыцца, а страта даверу да дзяржавы вырасце. І ўсё гэта з адной прычыны.

Бо дзяржава ў Беларусі — не сацыяльна-арыентаваная, яна скіраваная не на падтрымку сваіх грамадзян, а на кантроль. Дзе толькі кантроль — там няма ніякай гаворкі пра клопат, там немагчыма адчуць адно аднаго.

Можна ж скарыстаць ужо гатовую інфраструктуру у рэгіёнах. Зацвердзіць стандарты аказання паслуг. Аддаць гэта людзям, прадумаць, як ажыццявіць фінансаванне сацыяльных аб’ектаў праз інвестыцыі, зрабіць ільготы па падатках. І ў малых гарадах будзе праца ў людзей, будзе разгалінаваная сетка пансіянатаў, будзе клопат пра сталых людзей, будуць, урэшце, захаваныя тыя самыя сямейныя каштоўнасці, за якія так «топяць» улады.

Пад гэта можна, не беручы вялікіх грошай з дзяржаўнага бюджэту, падцягнуць шэраг іншых пытанняў — культура, моладзь, развіццё НДА. Кантралюючую функцыю — аддаць родным, якія лепш за які КДК будуць пільнаваць умовы пражывання. І дапамагаючы сталым людзям, можна вырашыць цэлы комплекс мясцовых праблем.

Але гэта магчыма толькі тады, калі дзяржава бачыць у грамадстве, у людзях роўнага партнёра. Беларускія ж чыноўнікі вырашылі — не, мы так рабіць не будзем, а будзем будаваць шматпавярховыя шпіталі, дзе старыя людзі будуць проста ляжаць і паміраць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(15)