Статкевіч: «Так, вызваленне, але не «любой цаной». Не абясцэньвайце людскія пакуты, не забірайце будучыню ў мільёнаў»

Палітык і былы палітзняволены — пра перамовы з рэжымам адносна вызвалення людзей з-за кратаў.

— Турма — абсалютна ненатуральнае месца для чалавечых істот, — піша Мікалай Статкевіч. — Таму ўсе вязні мараць як найхутчэй апынуцца на волі, а патрабаванне «свабоду палітвязням любой цаной!» падаецца зразумелым і цалкам слушным.

Мікалай Статкевіч

Асабліва для блізкіх і сяброў палітвязняў. Але ў гэтай справе за дзесяцігоддзі з часоў з'яўлення ў нашай краіне палітвязняў выявіліся пэўныя заканамернасці і тэндэнцыі. Я магу меркаваць пра іх па ўласным досведзе, бо ўжо тройчы выходзіў на свабоду датэрмінова, як палітвязень.

Людзі робяцца палітвязьнямі, бо не могуць больш мірыцца з парадкамі, ўсталяванымі рэжымам, які народ не абіраў. Яны пратэстуюць супраць такіх парадкаў, патрабуюць сапраўдных выбараў і трапляюць ва ўстановы пенітэнцыярнай сістэмы рэжыму.

Дэмакратычныя краіны спачатку падтрымліваюць палітычныя  патрабаванні пратэстоўцаў, а потым пераключаюцца на патрабаванні вызвалення палітвязняў. Уводзяцца санкцыі, пачынаюцца дыпламатычныя кантакты заходніх краін з рэжымам, каб дамагчыся вызвалення палітвязняў. Прадстаўнікі рэжыму ахвотна ідуць на такія кантакты, якія ператвараюцца ў гандаль пра адмену санкцый за вызваленне людзей.

Пра прычыны, з-за якіх людзі выйшлі на пратэсты і сталі палітвязнямі, неяк забываецца. Тым болей, што прадстаўнікі рэжыму даводзяць пра пагрозы незалежнасці з боку Масквы, пра адсутнасць палітычнага манеўра ў рэжыму з-за санкцый, якія замінаюць абараніць незалежнасць.

Пасля гэтага на заходнім баку непазбежна з'яўляецца чарговы «малады геній», які прапануе простую, як граблі, ідэю: мы не можам прымусіць гэты рэжым да дэмакратыі, але мы можам адарваць Беларусь ад Масквы. Варта толькі дамовіцца, каб ён адмовіўся ад найбольш адыёзных дзеянняў — напрыклад, вызваліў палітвязняў, бо інакш з ім няёмка мець справы. А тады мы адменім санкцыі і пачнем развіваць з ім эканамічныя стасункі, каб дапамагчы яму здзейсніць яго жаданне — адарвацца ад Масквы.

Дамова дасягаецца, палітвязні вызваляюцца, санкцыі здымаюцца. Рэжым і яго новыя партнёры атрымоўваюць дадатковыя прыбыткі, ад Масквы рэжым не адрываецца, хутчэй, наадварот, бо не могуць жа сіямскія блізняты адарвацца адзін ад аднаго.

Але ёсць яшчэ народ, які ўсё больш прагне свабоды. Людзі выходзяць на ўсё больш масавыя пратэсты, нягледзячы на непублічна выказваемую іх арганізатарам незадаволенасць з боку заходніх палітыкаў.

Я ведаю, пра што кажу. Рэжым палохаецца ўсё болей, закручвае гайкі ўсё мацней, палітвязняў робіцца ўсё болей, Захад ўводзіць санкцыі, пачынаюцца дыпламатычныя кантакты, а як далей, вы ўжо ведаеце. І так па коле.

Гэта пра заканамернасці. Але ёсць яшчэ тэндэнцыі.

З кожным колам гіне ўсё больш пратэстоўцаў. Колькасць палітвязняў расце ў геаметрычнай прагрэсіі. Павялічваюцца турэмныя тэрміны, больш жорсткімі робяцца катаванні зняволеных. Стварылася ўражанне, што адносна Беларусі заходнія палітыкі ўпарта ходзяць па граблях, толькі б'юць гэтыя граблі нас і кожны раз ўсё больш балюча.

Першы раз мяне, дзякуючы дамоўленасці Захаду з рэжымам, вызвалілі пасля двух год «хіміі» на два месяцы раней тэрміну. Не дробязь, бо мне ўжо наўпрост сказалі, што за гэтыя два месяцы мяне за «парушэнні» адправяць з «хіміі» ў калонію.

Другі раз я з 6 год тэрміна адседзеў менш за 5. І гэта быў няпросты час, за які я паспеў двойчы пабываць у «крытай» турме. Але зноў дамоўленасці, ці, як любяць казаць зараз, «здзелкі», і мяне вызвалілі.

Трэці раз тэрмін быў ужо 14 год, з якіх адбыў каля шасці і апынуўся дома ў няпэўным юрыдычным статусе пасля справакаванага ў зняволенні інсульту. Толькі адно памянялася — пазіцыя суседніх еўрапейскіх краін. Мабыць, пасля лютага 2022 года там нарэшце зразумелі рэальны кошт слоў пра «адрыў» ад Масквы і занялі прынцыповую пазіцыю.

Цяпер зноў вернемся да патрабавання «свабоду палітвязням любой цаной!» Калі па першай частцы патрабавання пытанняў няма, то да «любой цаны» яны ёсць.

Для спецыялістаў па «здзелках» цана — гэта заўсёды пра грошы. А грошы ў нашай сітуацыі — гэта ўзмацненне машыны рэпрэсій, больш палітвязняў і менш шанцаў у мільёнаў беларусаў на вольнае ад страху рэпрэсій жыццё ў сваёй нармальнай краіне.

Я вельмі шкадую людзей, якія апынуліся за кратамі за свае перакананні, і шчыра радуюся іх вызваленню. Асабліва балючае для мяне тое, што ў зняволенні яшчэ знаходзяцца сотні жанчын, якім шматкроць цяжэй гэта перажываць, чым мужчынам.

Я ўдзячны намаганням усіх, хто спрычыняецца да вызвалення палітвязняў. Але гэтае «любой цаной» значыць проста «ратацыю» палітвязняў ва ўсё большых маштабах, а ў перспектыве — ператварэнне ўсёй краіны ў вялікую турэмную «зону».

Таму заклік: «Вызваліце маю сяброўку любой цаной, бо яна цудоўны чалавек і ёй там вельмі цяжка», трэба сумленна дапаўняць: «Хай лепш замест яе пасадзяць іншую жанчыну, якую я не ведаю. Мне так будзе спакайней».

Да таго ж, у зняволенні апынуліся розныя людзі. Нехта ішоў на пратэст і рызыку зняволення свядома, а хтосьці патрапіў за краты выпадкова, бо машына рэпрэсій шырока грабе. І ставяцца яны да магчымасці зрабіцца аб'ектам «здзелкі» па рознаму. Некаму, галоўнае, што на волі, ды калі яшчэ за мяжой, то ўвогуле супер – «Я сваё адсядзеў, цяпер хай іншыя».

А для некага, хто знаходзіў сэнс у сваім зняволенні, як працягу барацьбы за свабоду краіны, справядліва мяркуючы, што рэжым нясе страты з-за яго зняволення, стаць сродкам фінансавання рэжыму, супраць якога ён змагаўся, і паняволення сваёй краіны, якую ён хацеў вызваліць, — невыносная думка. Ён ужо прынёс сваю ахвяру, здзейсніў свой подзвіг. А ператварэнне ў аб'ект «здзелкі», продаж, як скота на базары, як нявольніка на рынку, абясцэньвае яго подзвіг.

Так, вызваленне, але не «любой цаной».

Не абясцэньвайце людскія пакуты, стойкасць і мужнасць лепшых.

Не забірайце будучыню ў мільёнаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(19)