«Мы ж ведаем, што гэта казіно – каго трэба казіно. Мы ведаем, хто зарабляе на гэтым казіно»

Эканамічны аглядальнік Андрэй Махоўскі — з гумарам патлумачыў, чаму прапаганда не дазваляе крытыкаваць рэкламу азартных гульняў.

Мінск-2026. Ілюстратыўны здымак

— Да 2020 году рэкламы казіно ў Беларусі столькі не было, — адзначыў Андрэй Махоўскі на Еўрарадыё. — Наконт яе прапагандысты нядаўна папярэдзілі, што, маўляў, не трэба лезці туды, куды не трэба.

Вось гэта «не нада лезці не туды» мне нагадала, як я калісьці размаўляў пра нейкія мутныя схемы з нафтай, якую мы атрымлівалі з Расіі. Падышоў тады да кіраўніка «Белнафтахіму» і задаю яму гэтыя пытанні.

А ён мне кажа: «Андрэй, я ў гэта не лезу і вы ў гэта не лезьце». Так сказаў кіраўнік «Белнафтахіма» пра нафту.

Дык вось, мы ж ведаем, што гэта казіно — каго трэба казіно. Мы ведаем, хто зарабляе на гэтым казіно. Ведаем, што «сям'і» трэба чымсьці карміцца.

Зрэшты «сям’я» з усяго корміцца, але казіно — гэта святое, гэта ж хуткія грошы, шмат грошаў. Таму не дзіўна, што і колькасць не памяншаецца.

Як сказаў, да 2020 году сапраўды столькі рэкламы казіно ў Мінску не было. Калі я ў 2023 з'язджаў, яе было ўжо нашмат больш, яна ўжо была ўсюды.

А зараз, калі мы бачым нейкія кадры з Мінску, то гэта наогул жах, таму што яна проста паўсюль. Таму што трэба зарабляць грошы.

Уся «сям'я» зараз зарабляе грошы на ўсім, таму што папа старэнькі, трэба паспець зарабіць як мага болей, пакуль мы можам сабе гэта дазволіць.

І таму, канешне, гэтыя галасы забараніць рэкламу казіно — гэта проста антыдзяржаўныя заклікі, я б сказаў. Гэта проста дыверсія супраць «сям'і».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(2)