Думаю, гэта павінен быць фільм пра ўсіх нас — жанчын-палітзняволеных, якія прайшлі гэты цяжкі досвед. І лічу, што вельмі годна сябе ў ім прадставілі. Я ганаруся знаёмствам з тымі, з кім сядзела.
Кацярына Андрэева: «У цябе ўнутры – выпаленая зямля. Што для чалавека эмацыйнага вельмі цяжка»
У Варшаве адбыўся спецыяльны паказ мастацкага фільма «Пад шэрым небам», натхнёнага лёсам Кацярыны Андрэевай і яе мужа Ігара Ільяша. Журналістка, якая выйшла на волю 19 сакавіка, упершыню яго паглядзела, падзялілася ўражаннямі і адказала на пытанні прысутных. «Салідарнасць» распавядае, што прагучала.

Рэжысёрка фільма Мара Тамковіч перад паказам адзначыла, што ў жыцці кожнай стужкі галоўны дзень — гэта прэм'ера. Але ў жыцці яе стужкі галоўны дзень — гэта сёння (паказ адбыўся 7 траўня).
Кацярыну Андрэеву, якая нядаўна выйшла на волю і вырашылася паглядзець фільм публічна, віталі доўгімі апладысментамі. Сярод прысутных гледачоў у залі былі лідэрка беларускіх дэмсіл Святлана Ціханоўская і глава НАУ Павел Латушка.
У фільме, сярод іншага, паказваецца дзень 15 лістапада 2020-га, калі журналісткі Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова (па сюжэце гэта Лена і Воля) вялі стрым з Плошчы Перамен у Мінску, калі беларусы выйшлі на пратэст у сувязі з забіццём Рамана Бандарэнкі.
І хаця стужка мастацкая, там ёсць сапраўдныя кадры затрымання Рамана, а потым — сілавога разгону дэманстрантаў. Стрымліваць слёзы, калі глядзіш гэтыя кадры, вельмі цяжка. Як і калі назіраеш за гісторыяй кахання двух журналістаў, якія праходзяць праз цяжкія выпрабаванні, і разумееш, што яна, на жаль, мела месца не толькі ў фільме, але і ў рэальным жыцці.

Кацярына Андрэева пасля прагляду фільма выйшла на сцэну з партрэтам свайго мужа Ігара Ільяша, які цяпер знаходзіцца ў зняволенні.
— Сапраўдным маім вызваленнем будзе дзень, калі я абдыму Ігара. На мяжы ці не на мяжы, не важна, дзе гэта будзе. Галоўнае, каб гэта адбылося як мага хутчэй, — сказала Кацярына.
Каця адзначыла, што яны не з’ехалі з Ігарам з Беларусі ў 2020 годзе, каб застацца на адной планеце з беларусамі, быць побач са сваім народам. Журналістка адказала на пытанне Мары Тамковіч, ці не шкадуе яна, што іх гісторыя з Ігарам сталася фільмам:
— Канешне, не шкадую. Таму што гэта гісторыя не столькі і не толькі пра мяне, але і пра ўсіх нас, пра стан, у якім апынулася Беларусь у 2020 годзе. Пра тое, што прайшлі мы ўсе ў пэўнай ступені, пра тое, што прайшла беларуская незалежная журналістыка, якія пацярпела, хіба, наймацней за найноўшую гісторыю Беларусі.

Кацю спыталі, ці адчувае яна сёння надзею:
— Мая галоўная надзея, што Ігар неўзабаве будзе на волі. Для мяне вельмі важна данесці да перамоўшчыкаў, амерыканскага боку, які мае ўплыў на рэжым Лукашэнкі, аб звальненні Ігара. І ўсіх журналістаў, якія застаюцца за кратамі. Гэта больш за 20 чалавек. Яны мусяць быць вызваленыя.
Цешуся, што ёсць планы, што ўсе палітвязні будуць вызваленыя да канца года. Для гэтага трэба, каб у першую чаргу быў спынены механізм рэпрэсій. Бо фактычна ты чытаеш навіну пра вызваленне людзей, а побач яшчэ адна навіна — пра новыя затрыманні. Гэта немажліва і так не павінна быць. Няма ніякай гаворкі пра вяртанне ў сям'ю еўрапейскіх краін, пакуль гэта ёсць.
Надзея таксама ёсць на вяртанне ў вольную Беларусь. У XXI стагоддзі мы сутыкнуліся з такой з'явай, як прымусовая дэпартацыя грамадзян са сваёй жа краіны.
Журналістка таксама распавяла, чаму змяніла сваё рашэнне і вырашылася паглядзець фільм сёння — публічна. Раней яна казала, што зробіць гэта з мужам пасля яго вызвалення.
— Спачатку мне падавалася, што я не змагу. Што буду моцна плакаць, не змагу стрымаць эмоцыі — і навошта гэта на публіку паказваць? Саромелася, можа, сваёй магчымай рэакцыі. Але пасля я зразумела, што, па-першае, Ігар глядзеў гэты фільм, калі я была ў зняволенні, і ён здолеў, змог, значыць, і я змагу.
Па-другое, для мяне вельмі важна скарыстацца магчымасцю паказаць гэты фільм менавіта цяпер, калі рыхтуюцца чарговыя вызваленні палітвязняў, каб прыцягнуць увагу да ягонага кейсу. Я не проста так узяла з сабой яго фотаздымак. Я вельмі хацела прыцягнуць увагу ўсёй міжнароднай супольнасці і беларускіх дэмакратычных інстытуцый да гісторыі Ігара.
Нагадаю, што ён знаходзіцца ў бабруйскай калоніі №2. Ён засуджаны на чатыры гады, яму застаецца яшчэ два. Умовы, у якіх ён утрымліваецца, значна цяжэйшыя за мае. Я не маю з ім ніякага кантакту, але маю магчымасць ведаць, у якім ён стане. Ягонае здароўе цяпер сапраўды патрабуе пільнай увагі. Падкрэсліваю, што ягоныя ўмовы больш цяжэйшыя за мае.
Пасля гэтых словаў Каця перадала партрэт мужа Святлане Ціханоўскай. Нагадаем, лідарка дэмсіл рэгулярна наведвае міжнародныя сустрэчы і публічныя мерапрыемствы з партрэтамі палітвязняў, каб прыцягнуць увагу да рэпрэсій у Беларусі.
Кацю таксама спыталі, пра якіх людзей або пра якую падзею яна б зняла фільм, калі б у яе была такая магчымасць. Адказам было — «пра ўсіх жанчын-палітзняволеных і жыццё ў калоніі №4 у Гомелі».
— І кульмінацыяй фільму зрабіўся 2025 год, калі пачаліся масавыя вызваленні. Гэта вельмі жывая гісторыя, яна проста пульсуе. Там шмат кінематаграфічных момантаў. Уявіце, вы сядзіце шмат гадоў, і раптам, уначы, у вашую «секцыю» цэлым натоўпам заходзяць супрацоўнікі, і пачынаюць па адной штурхаць жанчын: «Збірай рэчы, збірай рэчы».
І калі я выглядаю з вакна і бачу, як ідзе Марына Золатава з валізкамі, а на мяне крычаць знізу (таму што я на другім паверсе): «Што ты там скачаш, не можаш нарадвацца?». Вельмі кінематаграфічныя моманты, іх вельмі шмат. На шчасце, цяпер ёсць шмат жывых сведкаў і кансультантаў у такой працы.
Для мяне крыніцай натхнення былі гісторыі нашмат цяжэйшыя за маю. І тое, як жанчыны там трымаюцца, ствараюць навокал прыгажосць, як падтрымліваюць адна адну, як падтрымлівалі мяне ў моманты, калі я была сапраўды ў роспачы. Гэтая падтрымка давала мне натхненне і штуршок, каб рухацца наперад.
Недзе 80% часу ты не адчуваеш нічога, таму што эмоцыі заглушаюцца, і ў цябе ўнутры — выпаленая зямля. Што для чалавека жывога і эмацыйнага вельмі цяжка. Баішся, што гэта ніколі не вернецца зноў, што ты ніколі не будзеш адчуваць жыццё напоўніцу. І я дагэтуль, канешне, не адчуваю. Пакуль не абдыму Ігара.
Журналістка адзначыла, што калі супрацоўнікі гомельскай жаночай калоніі даведваліся, што здымаецца такі фільм, то кпілі з гэтага. «Гэта было нагодай для насмешак, як і журналіцкія прэміі, якія мы з Дашай атрымлівалі», — узгадвае Каця.
Пры гэтым былая палітзняволеная адзначыла, што ў яе выпадку ў публічнасці было больш плюсаў, чым мінусаў.
— За гэтыя пяць гадоў я прыйшла да высновы, што публічнасць можа перашкаджаць у кароткачасовай перспектыве. Яна можа рабіцца падставай для нейкіх здзекаў у калоніі і можа нават прыводзіць да нейкіх пакараньняў. Бо калі чалавек публічны, і пра яго з'яўляюцца згадкі ў медыяпрасторы, гэта часта рабілася нагодай, каб зладзіць на выдуманай падставе чалавеку пакаранне. Але гэта ўсё кароткачасова.
Калі гэта перацярпець, разумеючы, наколькі гэта ў доўгачасовай перспектыве ўсё ж грае ў плюс і адыгрывае станоўчую ролю. Калі прозвішча ёсць у інфармацыйнай прасторы — яно ёсць ў тых, хто патрабуе вызваленняў. Таму калі абіраць паміж «больш плюсаў» або «больш мінусаў», я б схілілася да таго, што больш плюсаў. Проста трэба вытрымаць ціск, які адбываецца там, на месцы.
Таму дзякуй табе, Мара, за гэты фільм, і ўсім журналістам, якія пра нас пісалі. Гэта вялікая праца, і мы бачым, што яна прыводзіць да вынікаў.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное