«Ціханоўская пасароміла ўсіх спяцоў псіхалагічных партрэтаў»
Палітык і былы палітзняволены Павел Севярынец – пра тое, чаму ён лічыць Святлану Ціханоўкую ўнікальнай асобай беларускай гісторыі.
— 9 жніўня 2020 года беларусы прагаласавалі на прэзідэнцкіх выбарах за Святлану Ціханоўскую, – піша Севярынец. – Ніводзін палітык альбо паліттэхнолаг, ніводная спецслужба не змаглі б ані спрагназаваць, ані падрыхтаваць нічога падобнага.
Пандэмія каранавіруса, правал Лукашэнкі, усенароднае абурэнне, вылучэнні новых лідэраў і рэпрэсіі, прага людзей да волі і гвалт пры разгонах пратэстаў, арышт Сяргея Ціханоўскага і вылучэнне ягонай жонкі Святланы ў прэзідэнты, кіламетровыя чэргі і масавае галасаванне супраць рэжыму раптам склаліся у галавакружную рэальнасць.
Але калі такія моцныя ўражанні перажываў увесь народ – уявіце, якая бура тварылася ў душы беларускай настаўніцы Святланы, хатняй гаспадыні і жонкі блогера, якая раптам апынулася ў фокусе ўвагі мільёнаў!
Гісторыя Святланы Ціханоўскай – гэта цуд Божы ў чыстым выглядзе.

Патлумачу, чаму я лічу Святлану Ціханоўскую выбітнай беларускай і ўнікальнай асобай нашай гісторыі, а не проста выпадковым чалавекам, які воляй лёсу апынуўся на вяршыні.
Першае яе крутое рашэнне – пайсці на прэзідэнцкія выбары замест арыштаванага мужа. У Беларусі, дзе людзей калечаць і забіваюць за палітыку! Пагадзіцеся, тут патрэбная не абы-якая смеласць. Куды зручней сказаць: выбачайце, сябры, я проста жанчына, у мяне дзеці, вы, канечне, зразумееце – гэта не для мяне…
Але ў гэты момант штосьці (альбо Хтосьці) унутры Святланы кажа: ідзі.
І яна, уявіце сабе, ідзе.
Другі круты крок. Вакол арыштоўваюць старую і новую апазіцыю, шалее пандэмія, навісае Расея, масавы збор подпісаў, сотні інтэрвію і тысячы крыкаў захаплення, адчаю, пагрозаў… Калі рашэнне было «на пачуццях» – самы час проста падаць заяву ў ЦВК.
Дастаткова аркушыка паперы, напісанага ад рукі. «У сувязі з беззаконнем, якое адбываецца, я прымаю рашэнне спыніць свой удзел у выбарчай кампаніі…» І прыгожа, і бяспечна.
Так ня раілі? Упэўнены: раілі. Святлана ня думала пра гэта? Упэўнены: думала.
Перад самай здачай подпісаў ёй пагражалі, што ўдараць па дзецях. Яна вывезла дзяцей за мяжу, а сама засталася з народам.
Не здалася.
Ідзем далей. Спецслужбы рэжыму, канечне, пралічвалі хады і рабілі дасканалыя псіхалагічныя партрэты. Думаю, на стол Лукашэнку перад этапам рэгістрацыі кладзецца дакладная.
Так, гэтых рэгістраваць небяспечна – за тым Расея, за гэтым айцішнікі, такіх трэба баніць, тут яшчэ свае пакемоны, з імі ўсё ясна, рэгіструем, ну, а вось гэтую хатнюю гаспадыню можна для выпускання пары і дадаць у бюлетэнь. Усё адно падлік пад кантролем.
Псіхалогія: звычайны абывацель. Канечне, баіцца. Слабое месца: дзеці. Ну хто за Ціханоўскай? Наведнікі Ютуба? Насельнікі гарадскіх двароў? Простыя беларусы? «Народзец»?.. Смех, ды й годзе, Аляксандр Рыгоравіч.
Вунь зарэгістравалі ў 2015-ым сімпатычную Таню Караткевіч, усё прайшло лёгенька, нават пяшчотна, незадаволеныя выпусцілі пару, пратэст ледзь пабулькаў, Захаду паказуху забяспечылі. А хто такая Ціханоўская? Нават не актывістка апазіцыі. Яўна не баец.
І Святлану Ціханоўскую рэгіструюць.
У гэты момант Святлана робіць трэці (і, магчыма, ключавы) крок. Яна згаджаецца на аб’яднанне камандаў трох прэтэндэнтаў – і ўзнікае знакамітае жаночае трыё.
Аб’яднацца дзеля поспеху – гэта балючая кропка для ўсіх палітыкаў, і непераадольная фобія беларускай апазіцыі. Гэта дзіч, якую ў рэальнай барацьбе (а тым,больш, калі на кон пастаўлена жыццё, як у Беларусі) ня можа сабе дазволіць прафесійны лідэр – тут жа, само сабою, з ваўкамі жыць, па воўчы выць.
Не зарэгістравалі канкурэнта? Застаўся адзін на фінішнай прамой? Ура! Во папёрла! Як мінімум – пажыццёвы статус зэ лідэр оф зэ беларашн апазішн! Наперад, як на крылах! Можаш з паказным шкадаваннем проста кіўнуць праз плячо лузерам – усё адно яны цяпер ніхто. Цяпер увесь профіт табе.
Д’ябал узводзіць Святлану на высокую гару і кажа ёй: Цяпер Ты — надзея народа і гераіня. Адна! А Ціханоўская ставіць побач з сабой адважных жанчынаў з камандаў канкурэнтаў. Мы разам!
І надае проста фантастычнага натхнення Беларусі. Гэта ж, акрамя ўсяго, яшчэ і проста прыгожа.
Нарэшце, 9 жніўня. Фальсіфікацыі, мабілізацыя сілавікоў і гвалт. Ціханоўскай пагражаюць, на яе ціснуць і прымушаюць з’ехаць. За мяжу – у Вільню.
Здавалася б, фініта. Лукашэнка разлічваў зламаць пратэст у самым зародку – праз слабую жанчыну. Але слабая Святлана Ціханоўская не здалася. І засталася сцягам пратэстаў у вольным свеце.
Што там, Ціханоўская выступае з заявамі? Што, яе слухаюць?... Што, вакол яе збіраецца каманда?... Нда, пытаннечка. Нешта не ўлічылі.
Ціханоўская пасароміла ўсіх спяцоў псіхалагічных партрэтаў.
То бок, глядзіце: Святлана Ціханоўская аказалася больш моцным лідэрам, чым думаў Лукашэнка. Больш моцным, чым чакалі Расея і Захад. І нават перасягнула Сяргея Ціханоўскага.
Унутры ў яе – беларускія гены. Мяккія, як мяккі знак, але цвёрдыя, як сталь. Тут тыпова беларускі феномен: стоеная сіла. Бо ўнутры беларусаў жыве Бог.
Святлана Ціханоўская – не схібіла. Памылкі, якія яна рабіла ў першыя дні пасля выбару народа, ёй, чалавеку без досведу, можна прабачыць. А вось крутыя крокі, якія выдаюць загартаваны стагоддзямі беларускі характар – трэба залічыць.
Цяпер Святлана Ціханоўская – светлае аблічча ўсёй Беларусі ў вольным свеце. Сустрэчы на вышэйшым узроўні больш як у 40 дзяржавах вольнага свету – гэта калі лічыць без самітаў і сустрэчаў на палях. Эфект прысутнасці Беларусі! Клопат пра беларускі інтарэс, мову і культуру. Прыцягальны вобраз. Слушныя словы. Магутная беларуская працавітасць і трывушчы беларускі характар.
Увасобленая Беларусь.
Вось чаму Святлана Ціханоўская – адна з гераіняў беларускай гісторыі нароўні з Рагнедай, Ефрасінняй, Сафіяй Слуцкай, Цёткай ды Ларысай Геніюш.
І, нарэшце – для крытыкаў.
Безумоўна, можна і трэба згадваць пра памылкі ці недапрацоўкі Офіса ці Кабінета Святланы, ацэньваць сацыяльную працу ці сферу бяспекі, абмяркоўваць эфектыўнасць, адпаведнасць абяцанняў і спадзяванняў за апошнія 6 гадоў. Але іншага штабу, заўважнага ў сённяшнім страшным і сумятлівым свеце, у нас, беларусаў, няма.
Ёсць постаці, больш значныя для нацыянальнай ідэі. Пазняк, Арлоў, Някляеў, Статкевіч. Але выкрэсліць ці выштурхнуць з беларускай гісторыі і беларускай сучаснасці Святлану Ціханоўскую, зорку 2020 года, адну з нас, ужо немагчыма.
Ціханоўская з 2022 года прынцыпова выступае па-беларуску, хаця ўсё жыццё пражыла ў расейскамоўным акіяне. І яе пераход на публічную беларускую мову (які так і не адолелі многія лідэры «новай хвалі») – яшчэ адна прыкмета стоенай беларускай круцізны.
Беларуская стоеная сіла спрацоўвае так, як у жніўні 2020-га – з сотнямі тысячаў беларусаў пад бел-чырвона-белымі сцягамі на вуліцах.
Беларусь, гатовая выбухнуць — яна ўнутры нас.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное