Адна краіна расколваецца на «да» і «пасля». Віктар Марціновіч выдаў новы раман

Пра падзеленасць беларусаў, выбар, які нельга адмяніць, і пытанні, на якія няма простых адказаў. Усё гэта ёсць у новай кнізе Віктара Марціновіча «Глыбіня», якая выйшла ва ўроцлаўскім выдавецтве KEW.

Постапакаліптычны раман — пра разлом, які праходзіць праз лёсы людзей.

У cваім творы аўтар даследуе праблему падзеленасці беларусаў, розніцу каштоўнасцяў, аналізуе этыку адносінаў паміж людзьмі ўнутры Беларусі і за яе межамі, а таксама спрабуе выявіць гістарычныя заканамернасці, якія б збераглі ад непапраўных памылак, піша bellit.lnfo.

«Што будзе з намі, калі мы раптам апынемся па розныя бакі — краіны, гісторыі, уласнага жыцця? Адна краіна расколваецца на «да» і «пасля». На тых, хто застаўся, і тых, хто знік, забраўшы з сабой мову, памяць, цывілізацыю. Цэлы свет распадаецца на часткі, і кожная з іх пачынае жыць паводле ўласных законаў. Але героі гісторыі застаюцца знітаваныя агульным мінулым, выбарам, які нельга адмяніць, і пытаннямі, на якія няма простых адказаў. Ці можна зноў стаць адным цэлым? І ці хто-кольвек гэтага хоча?»

Гэта вострасюжэтны раман з гісторыяй кахання і фіналам, які насамрэч — толькі пачатак. Тут ёсць усё: досвед сыходу і яго цана, складаная этыка адносін паміж «сваімі» і «чужымі», унутраныя канфлікты, што не даюць спакою.

Набыць кнігу можна анлайн на розных пляцоўках.

Віктар Марціновіч восем гадоў не выдаваў раманаў па-беларуску. Дэбютаваў у 2009 годзе раманам «Параноя», потым былі «Сцюдзёны вырай», «Мова», «Сфагнум», «Ноч» і інш.

Віктар Марціновіч не толькі аўтар мастацкай прозы, але яшчэ і драматург, і мастацтвазнаўца. У пачатку 2026 году ў Оксфардскім выдавецтве Routgledge па-англійску выйшла ягоная кніга «Art of Mercy»: нон-фікшн пра мастацтва праз прызму прыватнага, глыбока асабістага досведу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)