Міхалевіч: «Сістэма ніколі не мянялася, проста было пытанне, дзе можна прымяняць катаванні»

Кіраўнік адвакацкага бюро «Legal status» Алесь Міхалевіч — пра жорсткія савецкія традыцыі, якія пераняў лукашэнкаўскі  рэжым.

— Мы мусім разумець, што Савецкі Саюз з самымі жудаснымі традыцыямі 37-га года сталінскіх рэпрэсій проста плаўна перайшоў у лукашэнкаўскую Беларусь, — адзначыў Алесь Міхалевіч на Еўрарадыё. — Таму, калі мне кажуць, што былі нейкія «традыцыі правоў зняволеных», на вялікі жаль, для нашай краіны гэта няпраўда.

Але трэба разумець, што і ў ва ўсім свеце правы зняволеных з’явіліся адносна нядаўна. Я наведваў у Белфасце ў Паўночнай Ірландыі мясцовую турму, дзе чытаў, што правілы цялеснага пакарання там былі адмененыя толькі ў другой палове XX стагоддзя.

У Беларусі ад правоў зняволеных нічога не магло застацца, бо іх проста не было. Так сістэма функцыянавала заўсёды.

Памятаю, як падчас выбарчай кампаніі я, як кандыдат у прэзідэнты, быў у шмат якіх раёнах, і заўсёды сустракаўся з кіраўнікамі мясцовай міліцыі.

І ў адным з раёнаў Паўночна-Заходняй Беларусі спытаў у начальніка міліцыі: «А як тут у вас з катаваннямі?». А ён мне абсалютна шчыра адказвае: «Нам гэта ўжо даўно забаранілі рабіць, табе трэба ехаць у следчыя ізалятары».

То бок, сістэма ніколі не мянялася, проста было пытанне, дзе можна прымяняць катаванні, дзе нельга, на якім узроўні яны прымяняюцца, на якім не.

Цяпер жа ёсць адчуванне, што яны дазволены паўсюль — ад раённага аддзялення міліцыі да любых дзяржаўных сілавых ўстаноў.

А тое, што робіць ГУБАЗіК, які ўвогуле проста выключаны з прававой сістэмы, выключаны з усяго, гэта асобная тэма. Гэтыя людзі проста адчуваюць поўную беспакаранасць і, на жаль, яны цалкам беспакараныя.

Нават з нагоды смерці палітзняволенага не ведаю, каб праводзіліся расследаванні сапраўды па поўнай праграме, з допытамі і з жаданнем дабрацца да ісціны.

Звычайна адбываецца фармальнае расследаванне, якое проста пацвярджае, што вось сардэчная недастатковасць, чалавек сам упаў, ніякіх катаванняў, ніякіх уздзеянняў не было.

Вельмі часта відэаназіранне, якое вядзецца, проста кудысьці знікла, таму што яго перасталі запісваць у нейкі момант і так далей. Гэта класіка жанра.

І, на вялікі жаль, Беларусь у гэтым плане прагрэсуе ў найгоршых сваіх практыках.

Што трэба зазначыць: усё ж такі пасля выпадкаў смерці зняволеных у кожнай канкрэтнай зоне, дзе чалавек памёр, на нейкі час сітуацыя паляпшаецца.

Але гэта жудасна, калі паляпшэнне сітуацыі адбываецца праз смерць чалавека.

Юрыст распавёў пра яшчэ адну адметнасць беларускай сістэмы, якая займаецца пераследам людзей.

— Часта карупцыйныя ці іншыя эканамічныя справы выкарыстоўваюцца для палітычнага пераследу. Такія рэчы адбываліся дзясяткі разоў.

Але і беларускае грамадства слаба рэагуе на падобнае. Напрыклад, памятаю, калі была масавая «справа гарадзенскіх мытнікаў», па якой адзін мой калега з КР адсядзеў шмат гадоў у турме, частка нашага грамадства казала: «Ну, гэта ж мытнікі».

Ілюстрацыя: праваабарончы цэнтр «Вясна»

Быццам бы мытнікаў можна саджаць проста таму, што яны працуюць на мытні. Гэта вельмі дрэнны падыход, які руйнуе і дзяржаўныя інстытуцыі, калі аказваецца, што нейкі чалавек, які працуе ў дзяржаўным органе, апрыёры лічыцца дрэнным.

Калі вярнуцца да катаванняў, то, як я казаў, яны ніколі не спыняліся. У Савецкім Саюзе былі месцы, дзе, напрыклад, утрымліваліся «злодзеі ў законе», якіх «ламалі».

Канешне, хтосьці скажа: маўляў, гэта ж крымінальнікі, іх трэба. Аднак для мяне, як для адваката, як для чалавека, у якога ёсць усведамленне права, катаванні нельга прымяняць у адносінах ні да каго ні пры якіх абставінах.

Нават калі чалавека злавілі, і ён ведае, дзе зараз адбудзецца тэрарыстычны акт і гэтак далей — ні пры якіх абставінах.

Мы павінны ўзгадаць, што лукашэнкаўская сістэма пачала ўмацоўвацца ў тым ліку з расстрэлаў крыміналітэта. Напрыклад, мой сусед (я вырас у раёне Камароўскага рынку ў Мінску), які лічыўся трымальнікам крымінальнага абшчаку, быў проста расстраляны.

І такія рэчы ў Мінску адбываліся масава. І народ, думаю, у большасці падтрымліваў, бо з крыміналітэтам трэба навесці парадак. Але, з майго пункту гледжання, катаванне нельга прымяняць ніколі і нідзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(10)