Общество

Кацярына Батлейка

«Знаёмым давялося ўсю забароненую літаратуру закапаць»

Чытачка «Салідарнасці» распавяла, як адрэагавала на прызнанне «экстрэмісцкім фармаваннем» шэрагу беларускіх выдавецтваў. Яна ўжо загадзя набыла кнігі на беларускай мове «на ўсялякі выпадак».

Нагадаем, у канцы лютага сілавікі затрымалі ў Беларусі выдаўцоў і распаўсюднікаў кніг. Неўзабаве пасля гэтага беларускамоўнае выдавецтва «Тэхналогія» спыніла працу, а шэраг выдавецтваў прызналі «экстрэмісцкімі фармаваннямі».

Першым стала выдавецтва Gutenberg Publisher, а 9 сакавіка стала вядома, што КДБ надаў такі ж статус «Фонду Kamunikat.org», «Lohvinau Publishing House» і «Andrei Yanushkevich Publishing».

— У мяне дома шмат кніг гэтых выдавецтваў. У мінулым годзе, калі выязджала на адпачынак за мяжу, набыла шмат чаго, — распавядае «Салідарнасці» Ганна (імя змененае). — Але, ведаючы, што звычайна мяне пільна правяраюць на мяжы, не правозіла іх сама — папрасіла знаёмых, да якіх не было такой увагі.

Потым набывала кнігі гэтых выдавецтваў у цэнтры Мінска ў краме аднаго з гандлёвых цэнтраў. Калі з’явіліся навіны пра затрыманні выдаўцоў і прызнанне Gutenberg «экстрэмісцкім фармаваннем», вырашыла зноў пад’ехаць да гэтай крамы, але яна была зачыненая — вісела таблічка «часова не працуе». Падумала: «Як добра, што здолела штосьці набыць напярэдадні».

Але, ведаеце, хочацца чытаць не толькі класіку, але і сучасную літаратуру, сучасныя пераклады. Дзякуй богу, я паспела шмат чаго набыць. Бо ведаю літаральна дзве кнігарні, дзе можна набыць кнігі з беларускімі перакладамі.

У цэнтральнай кнігарні, напрыклад, прадаецца ў асноўным класічная літаратура, а з перакладаў апошнім часам — толькі Рэмарк. Я іх, канешне, таксама ўжо ўсе набыла, бо спужалася, што і іх хутка не стане. Хай будуць у мяне ў калекцыі — я люблю чытаць.

З кнігамі выдавецтваў, якія прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем», не ведаю, што рабіць. Пакуль што не было навін пра тое, каб кагосьці пакаралі менавіта за літаратуру. Звычайна яе знаходзяць, калі за табой прыходзяць па іншай нагодзе. Але, канешне, трэба ўсё перагледзець і, магчыма, вывезці на лецішча, у больш бяспечнае месца. Таксама ў мяне ёсць знаёмыя, якім давялося ўсю забароненую літаратуру закапаць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(10)