Пашкевіч – пра каментар Эйсмант: «Гэта яшчэ больш падкрэслівае крайнюю нялюдскасць сістэмы»

Гісторык Аляксандр Пашкевіч — пра заяву прэс-сакратаркі правіцеля Наталлі Эйсмант, якія сказала, что летась Статкевіч адмовіўся ехаць у «райскі сад» і «вярнуўся у турму».

– Трэба разумець – вярнуўся без ніякага новага суда і прысуду і без адмены памілавання, – піша Пашкевіч. – І цяпер новага памілавання, здаецца, не выдавалі, а як бы дзейнічае ўсё тое ж самае, вераснёўскае.

Адно што толькі цяпер не верасень, а люты, і гэтыя пяць месяцаў памілаваны правёў не на свабодзе, а ў турме.  На якой падставе? На падставе «інагда не да законаў».

Мікалай Статкевіч на літоўска-беларускай мяжы 11 верасня 2025 года

Цікава на гэтым фоне глядзіцца другая ўчарашняя навіна:

«Аляксандр Лукашэнка ўвёў абавязковы адзіны кваліфікацыйны экзамен для тых, хто ўпершыню паступае на дзяржаўную цывільную службу. Тэставанне прадугледжвае праверку ведання Канстытуцыі Беларусі, а таксама іншых асноўных заканадаўчых актаў, якія павінны ведаць усе дзяржаўныя службоўцы».

І вось пытанне — а на фіга дзяржаўным службоўцам усё гэта ведаць (асабліва Канстытуцыю), калі ўсё адно краіна жыве не па законах, а па паняццях?

Але затое паняцці якія гуманныя. Калі ў Статкевіча здарыўся інсульт, то (цытуецца заява Эйсмант — С.):

«Президенту об этом доложили. И Главой государства было принято решение о его немедленном переводе в больницу, где была обеспечена вся необходимая и своевременная помощь — его спасли».

Якая мілата, праўда? То-бок калі ў зняволенага ў турме здараецца інсульт, то перавод у бальніцу, неабходная і своечасовая дапамога яму не паложаныя — для гэтага трэба спярша камусьці далажыць і той хтосьці павінен прыняць рашэнне, ратаваць чалавека ці не ратаваць?

А пакуль не атрымаюць высачайшае распараджэнне, лекары сядзяць і чакаюць? (Марына Адамовіч паведаміла «Новай газеце Еўропа», што пасля інсульту Статкевіча перавялі ў Мінск, дзе ён тры тыдні знаходзіўся ў рэанімацыі, яго кармілі праз трубку – С.).

Усе гэтыя вербальныя спробы стварыць вобраз «самага чалавечнага чалавека» толькі яшчэ больш падкрэсліваюць крайнюю нялюдскасць створанай ім сістэмы. І таму, як у тым рэкламным слогане, для карысці іх чорнай справы ўжо лепш жаваць, чым гаварыць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(4)