Як беларусы адзначаюць Дзень Волі па ўсім свеце (абнаўляецца)

Акцыі, імпрэзы і сустрэчы адбудуцца ў розных гарадах і краінах. У Варшаве і Вільні, Беластоку і Батумі, Стакгольме і Лондане, Сіэтле і Падуі.

Анёлы беларускай аўтаркі да свята

 Івонка Сурвіла: «Будучыня наша залежыць ад кожнага і кожнае з нас»

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі павіншавала беларусаў з Днём волі.

Івонка Сурвіла зазначыла ў сваім звароце, што месца беларускага народу — у дэмакратычнай Еўропе. І толькі тады, «калі мы станемся незалежнымі ад так званага «старэйшага брата» — толькі тады мы зоймем пачэснае месца між цывілізаванымі народамі свету, на якое мы маем поўнае права».

— Нажаль, пасля ледзь не стагоддзя акупацыі і хітрай прапаганды з боку Масквы, свет забыўся пра беларусаў, пакуль наш народ не прыпомніў яму у 2020-м годзе пра нашае існаванне, — зазначыла старшыня Рады БНР.

— Толькі дзякуючы вашаму гераізму і адвазе сотняў тысяч беларусаў, якія выйшлі пад бел-чырвона-белымі сцягамі на вуліцы Беларусі, мы ажылі!

Калі б зноў ня ўмяшалася Масква, магчыма, мы ўжо жылі б у нашым вольным краю. І не змагаліся б сёння за вызваленне тысячаў палітычных вязняў, якія яшчэ ўсё сядзяць за кратамі ў Беларусі.

Івонка Сурвіла заклікала беларусаў памятаць, што будучыня «залежыць ад кожнага і кожнае з нас»:

— Так, як нашыя продкі ў 1918-м годзе, разам мы вызвалім наш мілы і чароўны край! Дык памажы нам Божа! Жыве Беларусь!

Святлана Ціханоўская: «Беларусь будзе вольнай. І мы абавязкова будзем святкаваць гэты дзень дома»

З нагоды Дня Волі, 108-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў і беларусак і нагадала: нас яднае памяць, адказнасць перад будучыняй і свядомы выбар пайсці складным шляхам да незалежнасці:

— Я ведаю, як стамляе доўгая дарога. Як хочацца, каб нарэшце стала спакойна. Каб можна было працаваць, планаваць жыццё, кахаць, расціць дзяцей без страху ў сваёй краіне. Каб не трэба было азірацца на вуліцы, баяцца груку ў дзверы, баяцца за блізкіх. Каб дом зноў быў месцам бяспекі.

Але нават калі бывае цяжка, у нас ёсць тое, што не забраць ніколі і нікому: нашая гісторыя, нашая памяць, нашая такая моцная беларуская годнасць. І ёсць мы адно ў аднаго.

Беларусь будзе вольнай. І мы абавязкова будзем святкаваць гэты дзень дома.

Калі хочаце далучыцца да імпрэзаў, паглядзіце, што запланавана ў вашым горадзе — усё сабрана на інтэрактыўнай мапе.