Вольскі: «Які ж гэта Дзень Волі, калі ў гэты дзень вы баіцеся гэтае волі?»

Лявон Вольскі на Budzma.org згадвае, у якіх умовах святкаваў День Волі ў розныя гады ў Беларусі і ў замежжы ды запрашае на сёлетняе святкаванне «ўсіх, хто не баіцца і хоча сьвяткаваць».

Гэта чацьверты Дзень Волі, які нам давядзецца сустракаць за мяжою. Зрэшты, чаму толькі чацьверты? У ранейшыя часы я не аднойчы атрымліваў запрашэньні зайграць на 25 сакавіка ў розных краінах.

Лявон Вольскі. Фота з асабістага архіва

2005

Напрыклад, у Злучаных Штатах. У далёкім 2005-м я адыграў канцэрт у Дэлавэры, а потым мы прыехалі на Дзень Волі ў Нью-Ёрк, і там было афіцыйнае сьвяткаваньне, і там быў Зянон Станіслававіч, і шмат незнаёмых маладых людзей, і частка зь іх, як мне сказалі, мела на мэце праз прысутнасьць на гэткім сьвяце яшчэ раз пацьвердзіць кампэтэнтным амэрыканскім ворганам сваю «апазыцыйнасьць» і канфрантацыю з рэжымам Лукашэнкі.

І праўда, некаторыя зь іх імкнуліся зрабіць фотку, сэлфі, каб туды хоць часткова патрапіў Зянон Станіслававіч. «І якія яшчэ вам трэба доказы, калі я сфоткаўся з самым галоўным лідэрам апазыцыі»?

2012

Наступны сьвяточны канцэрт я граў у Нью-Джэрсы ў 2012-м. Тады беларусы арандавалі банкетную залю ў сеткавым гатэлі, і было шмат людзей, усьмешак, размоваў, успамінаў...

2018

У 2018-м мы з гуртом гралі ў Беластоку. Адмыслова 24.03 увечары зладзілі бясплатны канцэрт у тагачасным менскім клюбе «Бруге», адыгралі і паехалі ў сталіцу Падляшша. У той год менскія ўлады дазволілі неверагоднае — сьвяткаваць Дзень Волі ў цэнтры гораду каля опэрнага тэатру.

Аднак мы мелі дамову зь Беластокам значна раней за гэты эпахальны дазвол — і адыгралі там, на сцэне філярмоніі пры поўнай залі мяйсцовых беларусаў. А арганізатарам Дню Волі-2018 (альбо «БНР-100») потым улады РБ мэтанакіравана помсьцілі за тое, што ім давялося дазволіць гэты шабаш у самым сэрцы сталіцы — тых, хто не пасьпеў уцячы ў 2020-м, схапілі і «ўзнагародзілі» гіганцкімі тэрмінамі. Некаторыя дык дагэтуль сядзяць...

2019

У 2019-м сьвяткаваць дазволілі ў Гародні. Паставілі ў парку сцэну, агароджу, зрабілі «рэзэрвацыю» — як яны любяць, маўляў, сьвяткуйце, але толькі сёньня і толькі тут. І памятайце: мы ўсіх вас бачылі, усё зьнялі і, калі што, усіх знойдзем... І мы зайгралі там!

2020

У 2020-м 25 сакавіка мы гралі ў Менску. Гэта быў анлайн-канцэрт — таямнічы для нас на той час фармат. Быў ужо абвешчаны лакдаўн, мы гралі ў адным са сталічных пабаў, і гэта трансьлявалася на ўвесь сьвет. Хто б мог ведаць, што неўзабаве надыдзе час толькі адных анлайн-канцэртаў?

А потым працягнулася чарада замежных канцэртовых сьвяткаваньняў — Варшава, Вільня...

Зноў зайграем у Варшаве

Гэтым разам зноў зайграем у Варшаве — з «Крамбамбуляй». І ўсіх, хто ў гэты сьвяточны дзень зьбіраецца быць у польскай сталіцы, урачыста запрашаю на гэтую акцыю! Будзе шмат людзей, шмат сьцягоў, шмат усьмешак.

Будзе ўрачысты сьвяточны настрой. Бо гэтае сьвята — Дзень Волі — яно толькі нашае, беларускае. Яно мусіць нас натхняць і яднаць. Таму натхняйцеся, яднайцеся і прыходзьце!

Што вы гаворыце? Вы б прыйшлі, але ў Беларусі ў вас мама, цётка і стрыечная сястра? І вы туды часьцяком езьдзіце? Таму ня хочаце сьвяціцца на такіх мерапрыемствах? Каб чаго ня выйшла?

Але, спадарства, які ж гэта Дзень Волі, калі ў гэты дзень вы баіцеся гэтае волі?

Для тых, хто не баіцца і хоча сьвяткаваць — Варшава, клюб «Неба», 19.00, канцэрт «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».