Да гонару блогера, ён казаў, што зь ягоным наведваньнем Беларусі ўсё магло скласьціся й па-іншаму, ня так мірна, і ён пабойваўся такога разьвіцьця падзеяў, але абышлося (а магчыма, і няма ніякае небясьпекі, пра якую так актыўна яго папярэджвалі сябры, знаёмыя і польскія сродкі масавае інфармацыі?).
Вольскі: «Не адпускала ўражанне, што прадстаўнік заходняй цывілізацыі прыехаў у таямнічую дзікаватую дзяржаву трэцяга свету»
Вядомы музыка Лявон Вольскі паглядзеў рэпартаж польскага блогера пра Беларусь і разважае на Budzma.org пра змяены ў нашай краіне і чаму «заходні погляд» на нашую рэальнасць пакідае пасля сябе толькі пачуццё суму.
Вядомы польскі трэвэл-блогер-паўмільёньнік паехаў у Беларусь. Каб, маўляў, распавесьці сваёй шматлікай публіцы пра гэты дзіўны невядомы край. Вось — Бярэсьце — дзьвесьце кілямэтраў ад Варшавы (бліжэй за Кракаў!), а палякі нічога ня ведаюць пра тое, як там жывуць людзі, што ядуць, што п’юць, як апранаюцца, колькі зарабляюць, і наагул што там, за страшнай усходняй мяжою робіцца.
Трэвэл-блогеру ў Беларусі неверагодна шчасьціла
Трэба зазначыць, што трэвэл-блогеру цягам усяго беларускага падарожжа неверагодна шчасьціла. І на мяжы яго ўпаўнаважаныя асобы дапытвалі ўсяго толькі дзьве гадзіны (і ён да гэтага паставіўся зь дзіўным разуменьнем: а што ім рабіць, калі ў іхнай дзяржаве такая сытуацыя — санкцыі, міжнародная ізаляцыя і вось гэта вось усё)/
І свой сапраўдны трэвэл-смартфон ён схаваў у машыне, а на допыце паказваў адмысловы, у якім нічога небясьпечнага не было, і на вуліцах Менска ды Берасьця да блогера ніводнага разу не падыходзілі службовыя асобы — «тут здымаць ня трэба!», і, урэшце, ніхто зь неабыякавых мінакоў ня выклікаў на падазроную асобу ворганы аховы парадку і стабільнасьці. Абышлося.
Вандроўнік пахадзіў па Берасьці, схадзіў у фартэцыю, пабадзяўся па Савецкай, потым на цягніку вырушыў на Менск, пахадзіў па цэнтральных сталічных вуліцах, зьезьдзіў у Жодзіна — паглядзець на завод, дзе вырабляюць БелАЗы, і бесьперашкодна вярнуўся назад, у Варшаву.
Незнаёмыя знаёмыя мейсцы
З аднаго боку, цікава было паглядзець на знаёмыя мейсцы ў горадзе, дзе ты нарадзіўся і ўзгадаваўся: ГУМ, «Васількі», Траецкае, праспэкт, плошча Перамогі, опэрны тэатр... Зь іншага — не такія яны ўжо цяпер і знаёмыя. Не такія пазнавальныя.
На вуліцах амаль няма людзей. Здаецца, што іх замянілі чырвона-зялёныя дзяржаўныя сьцягі, утыкнутыя ўсюды, дзе іх толькі можна было ўтыкнуць.
Ня ведаю, у які дзень вяліся здымкі (можа, у нядзелю?), але машынаў у цэнтры таксама было мала. Сталіца выглядала шэрай, бязьлюднай і бяздушнай, а Берасьце — нейкім зачуханым правінцыйным гарадком.
Адно што (і блогер актыўна рабіў на гэтым акцэнт!) нерэальна чыста. Паўсюль, дзе ён быў, яго неверагодна ўражвала поўная стэрыльнасьць.
Ці то ён кепска прыглядаўся, ці сапраўды ўсё моцна зьмянілася. Перад маім ад’ездам — толькі сыдзі зь якой вылізанай вуліцы Казлова ў арку, у двор — і ўбачыш перапоўненыя сьметніцы, гару пустых бутэлек і недапалкаў каля іх і парачку загарэлых мужчынаў зь «мярзаўчыкамі» ў руках.
Можа быць, змаганьне за чысьціню і цьвярозасьць сапраўды перамагло, і цяпер нічога гэтага ўжо няма, іначай спрактыкаваны ўчэпісты позірк блогера-прафэсіянала немінуча б зачапіўся за гэтыя гарадзкія нацюрморты і жанравыя сцэнкі.
Але не. Не зачапіўся. Усё было выдатна — ежа ў кавярнях ды рэстарацыях танная і смачная. Транспарт — танны, зручны і дакладны (і цягнік, і аўтобус, і мэтро). Таксоўкі (толькі «Яндэкс») танныя і зручныя.
На сталічных вуліцах прадстаўленыя ня толькі кітайскія аўтамабілі, а ёсьць нават і BMW (!!!), у ГУМе, нягледзячы на санкцыі, поўна топавых тавараў сусьветных брэндаў, карацей, жыцьцё ідзе сабе, нягледзячы на ізаляцыю, і жыць можна.
Галоўны мэсэдж і высновы
Галоўны мэсэдж польскага трэвэлера: хай там палітыкі дзеляць сьвет і займаюцца сваімі бруднымі справамі, а ён, блогер, паказвае жыцьцё людзей у розных краінах, простых людзей, якія ходзяць па вуліцах, а высновы ўжо рабіце самі.
І высновы напрошваюцца гэткія: чаго б і ня жыць у дзяржаве, дзе ўсё танна (гэта неаднаразова паўтараецца) і добра?
Адно што наконт нюансаў жыцьця ў гэтай таннай і смачнай краіне не было ў каго даведацца. Мінакі ў беларускіх гарадах адмаўляліся кантактаваць з блогерам, сарамліва ўсьміхаліся, адводзілі вочы ўбок і ўцякалі.
Ніхто не згадзіўся нават на маленькае інтэрвію. Відаць, адпалохвалі варожыя мовы — ангельская ды польская. Дый наагул... Як бы чаго ня выйшла.
Усё нібыта тое самае, але...
А мне дык глядзець гэта ўсё было сумнавата. Не адпускала ўражаньне, што прадстаўнік заходняе цывілізацыі прыехаў у таямнічую дзікаватую дзяржаву трэцяга сьвету, а там, выяўляецца, можна жыць, есьці, піць, насіць такія самыя маркі адзеньня, як у Варшаве...
Адно што народ нейкі няўсьмешлівы й палахлівы. Але яно й ясна — гэта ж краіна трэцяга сьвету, што зь яе (і ейнага народу) возьмеш?
І яшчэ. Усё нібыта тое самае, але зьнік Booking, замест яго расейскі «Островок», зьнік Uber, на ягоным мейсцы «Яндэкс», і шмат чаго іншага сусьветнага замянілася на расейскае. Вы скажаце: «Ну і што? Мы ўжо прызвычаіліся!». Выдатна, віншую.
У гэтым, відаць, сакрэт беларускага даўгалецьця — своечасова прызвычаіцца. Але ці будзе яно беларускім, калі так працягнецца пару дзясяткаў гадоў, гэтае даўгалецьце? Ці то ператворыцца ў даўгалецьце жыхароў Паўночна-Заходняга краю?
Читайте еще
Избранное