Прапанова дня. Што дзяржава магла б прапанаваць аматарам фота ў рапсе замест вялікіх штрафаў
Пра гэта пакуль застаецца толькі марыць.
Дзяржвыданне «Маладзечанская газета» папярэдзіла аматараў сезонных фотасесій на рапсавых палетках пра вялікія штрафы за пашкоджанне «харчовай культуры сельскагаспадарчага прызначэння».
Закон наўпрост не забараняе падобныя здымкі, але штраф да 1350 рублёў чакае тых, хто робіць іх не з дарогі або ўзбочыны, а пасярод пасеваў, наносячы ім шкоду.
Грамадскі актывіст Андрэй Стрыжак прапанаваў паразважаць наконт канструктыўных варыянтаў вырашэння дылемы аматараў яркіх фотасесій — атрымаць яркія кадры і не трапіць пад адміністратыўку. Ды яшчэ з карысцю для ўладаў:
«Пагрозы штрафамі за фота ў рапсавым полі — яскравы прыклад таго што такое дыктатуpa. Як бы канфлікт патравы пасеваў і імкнення людзей да прыгажосці вырашылі б пры нармальнай уладзе?
Зрабілі б фэст з адмысловым участкам поля для фота. Мерч, стрытфуд, лекцыі пра рапс для дзетак і дарослых, раставыя лялькі, рапсавы лабірынт, майстар-клас па вырабу крафтавага рапсавага алею, зручныя паркоўкі і прыбіральні.
Але ж такія ідэі нараджаюцца ў галовах тых, хто цяпер у турмax і ў выгнанні. А тыя, што ў Беларусі і на волі, ня горшыя думкамі, але ж ведаюць і штодня бачаць што любая недзяржаўная ініцыятыва будзе пакараная».
Читайте еще
Избранное