Ластоўскі: «Расія, здавалася б, бліжэйшы саюзнік РБ, не спяшаецца вяртаць беларускія культурныя каштоўнасці»

Акадэмічны дырэктар Інстытута публічнай гісторыі — пра тое, ці рэальна вярнуць у Беларусь страчаныя артэфакты, і чаму пэўныя шляхі не цікавыя беларускім уладам.

— У Беларусі яшчэ Адамам Мальдзісам на пачатку 1990-х гадоў была створаная камісія па вяртанні культурных каштоўнасцяў, якія ў папярэднія стагоддзі тым ці іншым чынам былі вывезеныя з нашай краіны, — нагадвае акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута публічнай гісторыі, музеязнаўца Аляксей Ластоўскі. — І перыядычна рознымі чыноўнікамі агучваецца, што Беларусь шчыльна займаецца гэтым пытаннем, складаюцца спісы і г.д.

Але паўстае досыць лагічнае пытанне: якія для гэтага ёсць рэальныя магчымасці?

Аляксей Ластоўскі

На думку даследчыка, такіх дзейных механізмаў сёння няшмат. І першы з іх — добраахвотнае вяртанне.

— Насамрэч гэта не вельмі часта выкарыстоўваецца, — кажа Ластоўскі. — Не ведаю, ці можна было б сюды запісаць такі дзіўны феномен, як Слуцкае Евангелле (арыгінал гэтага помніка шмат гадоў захоўваўся ў Беларусі ў адной сям’і, а ў 1990-ыя ананімна быў перададзены БПЦ — С.). Але мы ведаем сітуацыі, што нашчадкі нямецкіх салдат вярнулі ў Беларусь дзве кнігі з бібліятэкі Храптовічаў, якія не паспелі вывезці ў Кіеў.

Зрэшты, той жа самы Кіеў, хоць пра гэта доўгі час ішла размова, адмовіўся вяртаць бібліятэку цалкам. І зразумела, што ў актуальнай сітуацыі гэта немагчыма — прынамсі, у бліжэйшай перспектыве.

Расія, здавалася б, бліжэйшы саюзнік РБ, з якім ва ўладаў заключана мноства пагадненняў, створаная так званая Саюзная дзяржава — яна не спяшаецца вяртаць <беларускія> культурныя каштоўнасці. Таму што ў Расіі пануе прынцып: мы нікому нічога не аддамо, бо стварэнне прэцэдэнтаў можа быць небяспечным і пацягнуць ланцуговую рэакцыю.

Расійскія музейшчыкі часта прыязджаюць у Беларусь, прывозяць часам досыць цікавыя выставы. Але ніякай гаворкі пра перадачу культурных каштоўнасцяў назад у нашу краіну не вядзецца.

Больш складаным выпадкам Аляксей Ластоўскі называе лёс тых рэчаў, што былі вывезеныя з Беларусі падчас Другой сусветнай вайны.

— Тое, што вывезена нацыстамі, скрадзена, павінна вяртацца сапраўдным гаспадарам. Але, напрыклад, Польшча пакінула сабе частку партрэтнай галерэі Радзівілаў, якая павінна была быць перададзена БССР — і што? Па ідэі, можна было б судзіцца. Але гэта вельмі складаны і фінансава затратны працэс. Зразумела, што беларуская дзяржава ў ім не зацікаўленая.

Яшчэ больш складаны выпадак — яўрэйская калекцыя Беларускага дзяржаўнага музея, таксама вывезеная нацыстамі з Мінска падчас акупацыі. Ужо ў Германіі, калі амерыканцы разбіралі, каму што вяртаць — яе перадалі Ізраілю, і цяпер яна знаходзіцца ў фондах тамтэйшага нацыянальнага музея.

Як тут дамовіцца? Судовы працэс для беларускага боку цалкам нецікавы, а знайсці нейкае кампраміснае рашэнне не атрымліваецца.

Аднак, дадае Ластоўскі, ёсць і альтэрнатыўныя шляхі вяртання культурнай спадчыны ў Беларусь — да прыкладу, электронная каталагізацыя.

Лічбавыя копіі, на думку даследчыка, былі б актуальнымі для кляштарных бібліятэк, якія былі вывезеныя з нашай краіны ў XIX стгоддзі. Бо ўласна асобнікі шматлікіх тэалагічных трактатаў і царкоўных дакументаў няшмат каму патрэбныя — але агульнадаступныя электронныя бібліятэкі маглі б быць карыснымі для даследчыкаў.

І яшчэ адзін рэальны крок у вяртанні культурнай спадчыны — выкуп канкрэтных рэчаў.

— Асабліва шчыруе на гэтай ніве ініцыятыва MALDZIS, яны вельмі добра працуюць у плане маркетынгу. У прыватнасці, я дапамагаў ім, навёў на кнігу Сімяона Полацкага, якую ўдалося набыць.

Але ўсё ж гэта цяжка назваць сапраўдным вяртаннем. Бо набываюцца тыя рэчы, якія прадаюцца на аўкцыёнах і аўтары якіх пэўным чынам звязаныя з Беларуссю, гаворка не ідзе пра вяртанне тых артэфактаў, якія насамрэч знаходзіліся ў беларускіх калекцыях.

Таму апошняя магчымасць, якая ёсць у нас з вамі — гэта вандраваць па розных краінах (ад Літвы і Польшчы да Францыі, Швецыі і ЗША) і на ўласныя вочы пабачыць тое, што было звязана з беларускай культурай, з людзьмі з Беларусі.