Филин

Кацярына Батлейка

Класкоўскі: «Праз шэсць гадоў пасля падзей 2020-га КР выглядае не зусім адпаведнай часу, патрэбна нейкая трансфармацыя»

Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі ў каментары Филину – пра вынікі выбараў у Кааардынацыйную раду.

Выбары ў Каардынацыйную раду завяршыліся. Агулам прагаласавала 2113 чалавек. Больш за ўсё галасоў набрала Кааліцыя Латушкі і Руху «За свабоду» — 42,26%. На другім месцы — спіс «Еўрапейскій выбар» на чале з Валерам Мацкевічам (13,96%).

Філін папрасіў пракаментаваць вынікі галасавання палітычнага аналітыка інфармацыйнага агенцтва Позірк Аляксандра Класкоўскага.

— Колькасць прагаласаваўшых прыблізна ў тры разы меней, чым было два гады таму. Гэта рэгрэс і, канешне, слабаваты паказчык, — кажа Класкоўскі. — Але ён па-свойму заканамерны.

Можна казаць і пра тое, што былі памылкі ў самой працы КР: шмат унутраных сварак, кейс Мельнікавай, які зашкодзіў рэпутацыі структуры. Але ўсё ж такі галоўны чыннік — дэпалітызацыя беларусаў.

Аляксандр Класкоўскі

Калі казаць пра тых, хто знаходзіцца ўнутры краіны, то трэба дадаць фактар элементарнага страху. Колькі б не запэўнівалі, што платформа надзейная і Павел Лібер добры адмысловец... Тым больш, што напярэдадні быў скандал з публікацыяй у НН, які паставіў пад сумнеў рэпутацыю і надзейнасць кампаніі, якая правярала пашпартныя звесткі. Гэта магло адпудзіць частку патэнцыйных выбаршчыкаў.

Фота: «Белсат»

Калі казаць пра тых, хто па-за межамі краіны, то яны таксама рызыкуюць, бо шмат у каго ёсць сваякі ў Беларусі. Таксама людзі за мяжой, нават калі яны эмігравалі па палітычных матывах, сёння занятыя найперш праблемамі выжывання і адаптацыі ў новым грамадстве.

Але галоўнае, што людзі ўнутры краіны і па-за яе межамі не вераць, што хутка адбудуцца нейкія перамены.

Калі глыбей аналізаваць праблему, можна сказаць, што КР увогуле стваралася ў іншых умовах — рэвалюцыйнай сітуацыі. Тады думалася, што магчымы варыянт транзіта ўлады: што Лукашэнка сыйдзе або пойдзе на рэформы і кампрамісы.

Але ён задушыў пратэсты і рэвалюцыйны парыў беларусаў. Сёння далёка не рэвалюцыйная сітуацыя. Сёння пануе контррэвалюцыя. Апатыя і бязвер'е не матывуюць людзей галасаваць.

Аналізуючы якасныя вынікі выбараў, можна сказаць, што перамога блока Паўла Латушкі заканамерная, дадае Класкоўскі.

— Латушка — харызматычная фігура. Яркая, медыйная персона, якая ўмее піярыць свае справы. КР рабіла карысную рэч — дэлегацыя Рады ўдзельнічала ў працы Парламентскай асамблеі Рады Еўропы. Але піярыць гэтыя справы чальцы Рады, нажаль, не вельмі ўмеюць.

Блок Латушкі і блок на чале з Валерам Мацкевічам будуць мець абсалютную большасць. Гэта сілы, блізкія да Святланы Ціханоўскай. Таму можна сказаць, што Ціханоўская і яе атачэнне будуць мець значны ўплыў на КР.

Але тут няма на што наракаць, бо кожны мог удзельнічаць у выбарах.

Падчас выбараў у КР было бачна, што беларускія ўлады звяртаюць даволі вялікую ўвагу на іх. Чаму так?

— Гэта цягнецца з 2020 года, і гэта можна патлумачыць фобіямі Лукашэнкі. Як толькі ўзнікла Рада, Лукашэнка сказаў, што гэта спроба захопу ўлады. А ўлада для яго святое: любы замах на яе ён лічыць злачынствам.

І хоць цяпер КР не мае моцных перспектыў у агляднай будучыні, Лукашэнку закліньвае на думцы, што ў нейкіх умовах, калі пачнецца нестабільнасць у грамадстве, гэтыя людзі могуць сказаць, што маюць пэўную легітымнасць і будуць прэтэндаваць на ўладу.

Таму сілавікі, відаць, атрымалі каманду ўсяляк глушыць гэту ініцыятыву.

Як вы лічыце, ці патрэбна сёння дэмакратычнаму руху КР?

— Гэта мусіць вырашаць найперш сам дэмакратычны рух. На мой погляд, спроба адбудаваць сістэму інстытутаў ўлады ў эміграцыі, якая б люстэркава адпавядала структуры ўлады Лукашэнкі... Праз шэсць гадоў пасля падзей 2020-га гэта структура выглядае не зусім адпаведнай часу, патрэбна нейкая трансфармацыя.

Мне здаецца слушнай прапанова цяперашняга спікера КР Арцёма Брухана, які сказаў, што праз два гады трэба будзе адмовіцца ад галасавання, бо яно зусім слабое, і перайсці да дэлегавання: каб нейкія палітычныя і грамадскія структуры дэлегавалі сваіх людзей у КР.

Тут ёсць свая логіка, бо будуць удзельнічаць людзі актыўныя і матываваныя, зацікаўленыя ў тым, каб гэта структура працавала.