Гурневіч: «Кожны, хто сядзеў на сутках падчас выбараў 2006 года, памятае, колькі ўжо тады там было пратэстантаў»

Журналіст «Радыё Свабода» — пра візіт пратэстанцкага святара і ягоны ўплыў на сітуацыю ў Беларусі.

— Пераацэньваць прыезд амерыканскага прапаведніка Фрэнкліна Грэма ў Беларусь не варта, але недаацэньваць — памылкова, — піша Дзмітрый Гурневіч. — Гэты візіт, бясспрэчна, паспрыяе беларускім пратэстантам. Ніводная іншая канфесія (-іі) не заслужыла такой палёгкі, як яны.

Дзмітрый Гурневіч

Лукашэнка ані пад ціскам санкцый, ані пад ціскам нічога іншага, ніколі не зробіць таго, што ад яго хоча, напрыклад, Еўразвяз. Ён не спыніць рэпрэсій і не перастане быць саюзнікам Расеі.

Адзіная надзея на хоць нейкія перамены — кожны чарговы глыток свежага паветра, які дасць магчымасць нашым людзям аджываць. І прыезд Грэма — гэта такі глыток. Уся вертыкаль, нават без дэкрэтаў і загадаў, атрымае сігнал, што “сам першы” даў дабро баптыстам, нездарма ж яны на стадыёне ў Мінску моляцца.

Нават калі гэта дасць самыя мінімальныя палёгкі, хоць недзе ў краіне, можна заплюшчыць вочы на сустрэчу ў Палацы Незалежнасці і абяцанні маліцца за Лукашэнку стоячы. Гэта проста дыпламатыя, якая беларусам на руку. Няхай і Коўл вып’е хоць бідон гарэлкі з Лукашэнкам, абы нашыя людзі выходзілі з турмаў і былі са сваімі блізкімі, а не страчвалі свой жыццёвы час за кратамі.

Беларускія пратэстанты заслугоўваюць гэтую перадышку. Гэта адна з самых маленькіх канфесій Беларусі, але адна з самых апантаных, а можа, і самая.

Кожны, хто сядзеў на сутках падчас выбараў 2006 года, памятае, колькі ўжо тады там было пратэстантаў. Сам я быў у камеры з пастарам, які чытаў вязням пропаведзі. Пратэстанты ад вернікаў да пастараў усе гэтыя гады былі бясстрашнымі.

«Ісці шляхам прыстасаванства — гэта шлях самазнішчэння. Уваходзіць у палітыку — не сутнасць царквы, але царква не можа быць абыякавай да ўсяго, што адбываецца. Нашы новапакутнікі заўсёды казалі — маўчаннем прадаецца Бог. Быць хрысціянінам — цяжкі крыж, трэба ісці, часам ахвяручы сабою. Але ў гэтым сэнс нашага ўратавання» — гэтыя словы належаць зусім не пратэстанту.

Іх у 2021 годзе прамовіў гарадзенскі архіепіскап Арцемій. І найбольш яны, на маю думку, адносяцца да беларускіх пратэстантаў.

Гэта канфесія, якая была вымушаная ўсе гады незалежнасці ісці супраць плыні. Хаця гістарычна пратэстантынтызм на беларускіх землях развіваўся з XVI ст. Тады ім замінала контррэфармацыя. У СССР іх называлі сектантамі, а цяперашняя дзяржава Беларусь бачыць у іх непадкантрольную супольнасць.

«Царква, якую пераследуюць — гэта Царква, якая перамагла», — казаў Арцемій.

Менавіта таму беларускія пратэстанты і моцныя, бо ніхто ім не даваў ільготнага тарыфу, яны стваралі сябе ў вельмі няпростых ўмовах, самі. Яны збяруць поўныя стадыёны проста на малітву. А каб сабраць поўны стадыён на канцэрт любога беларускага выканаўцы з кліпа «Любимую не отдают», Лукашэнку трэба гнаць туды людзей адмінрэсурсам, пагрозай звальнення або АМАПам.