Ціханоўская: «Гэтае «яднанне» — толькі шыльда, за якой павольнае знішчэнне нашай ідэнтычнасці і незалежнасці»

Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская выказалася з нагоды «самага цынічнага свята».

— 2 красавіка рэжым адзначае ледзь не самае цынічнае так званае свята — «Дзень яднання Беларусі і Расіі». Толькі праўда ў тым, што гэтае «яднанне» — толькі шыльда, за якой усё заўсёды выглядае наступным чынам: павольнае знішчэнне нашай ідэнтычнасці і незалежнасці.

У Крамлі любяць паўтараць адное і тое ж: «мы адзін народ». Але ж чамусьці менавіта «рускі». Для іх беларуская мова проста дыялект рускай. Нашая самабытная культура — вясковы каларыт, сапраўдная гісторыя — толькі невялічкі дадатак да іх перапісанай і ўсеагульнай «вялікай і рускай», — адзначае Святлана Ціханоўская.

Яна падкрэслівае, што гэты саюз ніколі не разглядаўся Расіяй як роўны, бо «рабіўся дзеля павольнага знішчэння нашай ідэнтычнасці і незалежнасці».

— Каб потым проста растварыць Беларусь у «рускім свеце», аб якім так мараць. Як сказаў Карал Гаўлічак-Бораўскі — рускія часта называюць усё рускае «славянскім», каб потым назваць усё славянскае «рускім».

Але ж беларуская гісторыя не расійская.

— Яна еўрапейская: Статут ВКЛ, гарады з магдэбургскім правам, Скарына, нашыя школы, літаратура, традыцыя самакіравання. Нічога агульнага з тым, каб быць проста «малодшым братам».

Тое, што сёння Расія паўсюль у Беларусі — не сяброўства, а кошт, які Аляксандр Лукашэнка 30 гадоў плаціць з кішэні беларусаў, каб яму дапамагалі ўтрымліваць уладу. Аднак за гэта беларусы плацяць сваёй бяспекай, суверэнітэтам, будучыняй. Беларусам не патрэбнае такое яднанне.

Нам патрэбная Беларусь, якая сама вырашае, куды ісці, з кім сябраваць і як жыць. Беларусь, дзе паважаюць нашую мову, наш выбар і нашую годнасць.

Мы — годны народ Беларусі, і ніколі не будзем малодшымі братамі. Бо мы ведаем, хто мы ёсць, — адзначыла Святлана Ціханоўская.

читайте также